Віртуальны сторытэлінг "Імёны герояў на вуліцах Пінска"

Дадзеная карта з'яўляецца ваенна-патрыятычным праектам, прысвечаным Году міра і стварэння

Называць вуліцы ў гонар герояў - добрая традыцыя, якая існуе ўжо не адно стагоддзе. Дзякуючы ёй, імёны слаўных сыноў і дачок свайго народа заўсёды на слыху, памяць аб іх жыве ў сэрцах нашчадкаў.

У Пінску шмат памятных мясцін, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. Яны адзначаны не толькі велічнымі помнікамі, але і сціплымі абеліскамі, мемарыяльнымі дошкамі. Многія вуліцы нашага горада носяць імёны герояў Вялікай Айчыннай вайны, але не ўсе ведаюць, кім яны былі, якой цаной заслужылі права быць увекавечанымі ў назвах вуліц горада, што стаіць на беразе ракі Піны.

Ад нямецкіх акупантаў горад Пінск быў вызвалены 14 ліпеня 1944 года. З тых часоў пінчукі беражліва захоўваюць памяць пра гераічныя дні барацьбы як урок найвялікшай мужнасці і адданасці Радзіме. У назвах Пінскіх вуліц і завулкаў увасоблены вялікі подзвіг нашых продкаў – абаронцаў малой Радзімы. Адны вуліцы названы ў гонар генералаў, афіцэраў і салдат, іншыя нагадваюць нам пра партызанаў і падпольшчыкаў. Усе яны – героі!

Віртуальны сторытэлінг "Імёны герояў на вуліцах Пінска"накіраваны на фарміраванне ў навучэнцаў цікавасці да лёсу Айчыны, яе мінулага праз тое, што нас акружае; стварэнне пазітыўнага стаўлення падрастаючага пакалення да патрыятызму, да ветэранаў і вязняў Вялікай Айчыннай вайны, якія агульнымі намаганнямі абаранілі і горад, і краіну.

Дадзеная карта - віртуальны сторытэлінг "Імёны герояў на вуліцах Пінска" з'яўляецца ваенна-патрыятычным праектам, прысвечаным Году міра і стварэння. Рэсурс уключае 36 персаналій і дае ўнікальную магчымасць даведацца, у гонар каго названы вуліцы і завулкі горада Пінска. Назвы вуліц размешчаны ў алфавітным парадку. Інфармацыя аб кожнай персаналіі мае кароткую біяграфічную даведку і фотавыяву.

Па меры паступлення новай інфармацыі і новых звестак раздзелы інфармацыйнага рэсурса могуць дапаўняцца.

вуліца Бялова

вуліца Бярковіча

вуліца Гайдаенкі

вуліца Гастэлы

вуліца Дзенісевіча

вуліца Даватара

вуліца Маршала Жукава

вуліца Заслонава

вуліца Калініна

вуліца Канарэева

вуліца Карасёва

вуліца Кляшчова

вуліца Корбута

вуліца Каржа

вуліца Зоі Касмадзям'янскай

вуліца Алега Кашавога

вуліца Кулікава

вуліца Кунькова

вуліца Матросава

вуліца Малчанава

вуліца Насырава

вуліца Нямытава

вуліца Новікава

вуліца Генерала Нордмана

вуліца Альхоўскіх

вуліца Панковай

вуліца Пучкова

вуліца Ракасоўскага

вуліца Фядотава

вуліца Хадановіча

вуліца Веры Харужай

вуліца Лізы Чайкінай

вуліца Чарняхоўскага

вуліца Івана Чуклая

вуліца Шыла

вуліца Шубіцідзэ

вуліца Бялова

Павел Аляксеевіч Бялоў (1897-1962) - савецкі военачальнік. Вуліца ў цэнтры горада названа яго імем.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны з'яўляўся слухачом Вышэйшых акадэмічных курсаў Вышэйшай ваеннай акадэміі, камандаваў войскамі Данскога, Паўночна-Каўказскага і Паўднёва-Уральскага ваенных акругаў. Абіраўся ў дэпутаты Вярхоўнага Савета СССР, узначальваў Цэнтральны Камітэт ДАСААФ.

Узначаленая Бяловым з чэрвеня 1942 года 61-ая Армія прайшла баявы шлях ад Арла да Берліна, а ў беларускай наступальнай аперацыі ў складзе 1-га Беларускага фронту вызваляла Палескія гарады, у тым ліку і Пінск. Павел Аляксеевіч праявіў сябе як адважны камандзір яшчэ ў пачатку вайны. Яго кавалерыйскі корпус удзельнічаў у бітве пад Масквой і абароне Тулы, амаль паўгода ваяваў на Смаленшчыне ў тыле ворага. Затым наступіла чарга вызвалення Беларусі і Паўночнай Украіны.

За ўмелае камандаванне часткамі Арміі падчас фарсіравання Дняпра П.А. Бялоў быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза і ў тым жа 1944 годзе стаў генерал-палкоўнікам.

вуліца Бярковіча

Імем Ш. І. Бярковіча названа вуліца Глінішчанская, на гэтай вуліцы герой жыў да вайны.

Шая Іосіфовіч Бярковіч - адзін з арганізатараў і кіраўнікоў камсамольска-маладзёжнага падполля і партызанскага руху на тэрыторыі Пінскай вобласці ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Нарадзіўся ў г. Барысаў Мінскай вобласці. Член КПСС з 1942 года. Скончыўшы Ленінградскі тэхнікум чыгуначнага транспарту (1938), працаваў інжынерам цэнтральнага матэрыяльнага склада ўпраўлення Беларускай чыгункі ў Гомелі. З 1939 г. сакратар, з верасня 1940 г. -  першы сакратар Пінскага гаркама камсамола. З пачатку Айчыннай вайны ў партызанскім атрадзе В.3. Каржа. З ліпеня 1941 г. - сакратар Пінскіх падпольных абкама і гаркама. Наладжваў сувязі з падпольшчыкамі Пінска. Разам з таварышамі, вяртаючыся з падпольнага сходу, наткнуўся на засаду гітлераўцаў. Загінуў у баі. Пахаваны ў в. Малатковічы Пінскага р-на ў брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан.

Пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені.

вуліца Гайдаенкі

Удзельнік вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў гвардыі інжынер-маёр У. А. Гайдаенка (1902-1944) загінуў на подступах да Пінска. Пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені.

Уладзімір Аляксеевіч нарадзіўся ў в.Шпола Звенігародскага р-на Маскоўскай вобласці. Член КПСС. Скончыў Батумскі будаўнічы тэхнікум, Днепрапятроўскі гідрабудаўнічы інстытут. Працаваў на будаўніцтве Аджарскай ГЭС, Днепрагэс, Камсамольска-на-Амуры. У гады Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у баях пад Масквой. У пачатку 1942 года быў накіраваны ў адзін з партызанскіх атрадаў у Бранскую вобласць, дзе кіраваў сапёрнымі працамі, будаўніцтвам абарончых збудаванняў, затым абраны камісарам партызанскага атрада. Здзейсніў з партызанамі рэйд да Пінскіх лясоў. З 1944 года маёр-інжынер, камандзір сапёрнага батальёна. Пры вызваленні Пінска быў у складзе дэсанту сапёраў.

Загінуў падчас размініравання будынкаў і вуліц горада. Пахаваны ў Пінску ў брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан у Парку культуры і адпачынку.

вуліца Гастэлы

Яна знаходзіцца ў раёне Беляўшчына. Пачынаецца ад вуліцы Гайдаенкі і прымыкае да вуліцы Прамой. Гэта параўнальна невялікая, ціхая вулачка. Але вуліцы ёсць чым ганарыцца. Яна названая імем слаўнага сына савецкага народа, адважнага Героя Савецкага Саюза Мікалая Францавіча Гастэлы, які аддаў сваё жыццё ў імя выратавання Радзімы.

Нарадзіўся М. Гастэла 6 мая 1907 года ў Маскве ў сям'і рабочага. Каб дапамагчы сям'і, у шаснаццаць гадоў уладкаваўся ваграншчыкам на Маскоўска-Казанскую чыгунку. Затым працаваў слесарам на паравозна-рамонтным заводзе ў Мураме, а да 1932 года, да прызыву ў Чырвоную Армію – на механічным заводзе будаўнічых машын у Маскве. У 1933 годзе Мікалай Гастэла скончыў Варашылаўградскую школу ваенных лётчыкаў. А яшчэ праз шэсць гадоў удзельнічаў у баях з японскімі захопнікамі на Халхін-Голе і ў фінскай вайне. Гастэла вельмі па-майстэрску валодаў баявой тэхнікай і быў бясстрашным і мужным камандзірам.

Бамбардзіровачная эскадрылля, якой камандаваў капітан Гастэла, з першага дня Вялікай Айчыннай вайны наносіла ўдары па праціўніку, знішчала яго эшалоны, склады боепрыпасаў, танкі і аўтамашыны. 26 чэрвеня 1941 года, выконваючы баявое заданне, Мікалай Гастэла здзейсніў бессмяротны подзвіг, які навекі праславіў яго імя...

Падчас бамбардзіроўкі танкавай калоны праціўніка на шашы Маладзечна-Радашковічы зенітным снарадам быў пашкоджаны бензабак, самалёт загарэўся. Мікалай Гастэла з членамі экіпажа – штурманам А.Бурдзянюк, стралком Г. Скарабагатым і стралком-радыстам А. Калініным накіравалі падпаленую машыну на калону фашысцкіх танкаў і аўтамашын і коштам сваіх жыццяў нанеслі страты ворагу. Члены экіпажа пасмяротна ўзнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны 1-й ступені. У гады вайны подзвіг М. Гастэлы паўтарылі больш за сто савецкіх лётчыкаў.

вуліца Дзенісевіча

Вуліца размешчана на поўдзень ад раёна Верасы і носіць імя ганаровага грамадзяніна г. Пінска Дзенісевіча Фёдара Якаўлевіча (1897-1981). Нарадзіўся ў Мінскай вобласці. Удзельнік Першай сусветнай вайны. У лютым 1918 года ўступіў у рады Чырвонай Арміі. Актыўны ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны.

Па заканчэнні партыйнай школы абіраўся сакратаром Пінскага абкама партыі. Пасля скасавання Пінскай вобласці працаваў сакратаром Пінскага ГК КПБ, з 1956 па 1959 - старшынёй Пінскага гарвыканкама. Дзенісевіч Ф. Я. абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 1,2,3,4 скліканняў. Узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнам Айчыннай вайны, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга і шматлікімі медалямі. Званне “Ганаровы грамадзянін горада Пінска” прысвоена ў 1977 годзе за вялікія заслугі ў справе аднаўлення народнай гаспадаркі і развіцця эканомікі горада.

вуліца Даватара

Даватар Леў Міхайлавіч нарадзіўся 20 лютага 1903 года ў вёсцы Хоціна Віцебскай губерніі, цяпер Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці. У 1924 годзе пайшоў добраахвотнікам у войска. Скончыўшы кавалерыйскае вучылішча і акадэмію ім. Фрунзе, быў прызначаны начальнікам штаба палка, a затым кавалерыйскай брыгады. Пад яго камандаваннем была сфарміравана кавалерыйская рэйдавая група з казакоў Кубані, Стаўраполля і Паўночнага Каўказа колькасцю 3 тысячы клінкоў.

У жніўні 1941 года Даватар атрымаў загад прарваць фронт праціўніка, выйсці ў раён Смаленшчыны, разграміць тылы і камунікацыі, паралізаваць працу штабоў, перашкодзіць руху фашысцкіх войскаў да сталіцы. Нa ліквідацыю кавалерыі фашысты перакінулі з Маскоўскага напрамку болей дзвюх пяхотных дывізій, танкавы полк, авіяцыю. Пасля 10 дзён рэйду конніца Льва Даватара вярнулася праз лінію фронту практычна без страт. У кастрычніку 1941 года Леў Міхайлавіч атрымаў званне генерала. Да гэтага часу яго імя стала легендарным.

У контрнаступленні пад Масквой корпус Даватара вёў бой у раёне Кубінкі. 19 лістапада каля вёскі Палашкіна Леў Міхайлавіч Даватар асабіста ўзначаліў атаку конніцы і быў смяротна паранены. За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, гвардыі генерал-маёру Даватару Льву Міхайлавічу прысвоена званне Героя Савецкага Саюза – пасмяротна.

вуліца Маршала Жукава

Імя Георгія Канстанцінавіча Жукава акружана ў нашай краіне любоўю і гонарам. Яно стала сапраўды легендарным. У гонар героя названа адна з вуліц горада. Георгій Канстанцінавіч Жукаў - Савецкі палкаводзец, маршал Савецкага Саюза, які быў адной з ключавых фігур Чырвонай Арміі ў час Вялікай Айчыннай вайны і пасля атрымаў у народзе мянушку «Маршал Перамогі». Званне Маршала Савецкага Саюза Георгію Канстанцінавічу Жукаву было прысвоена ў пачатку 1943 года. Ён стаў першым афіцэрам, удастоеным гэтага звання з пачатку вайны. Як маршал ён прымаў капітуляцыю фашысцкай Германіі, а таксама прымаў у 1945 годзе галоўныя Парады Перамогі ў Маскве на Краснай плошчы і ў Берліне ля Брандэнбургскіх варот.

Пасля смерці І. Сталіна ў біяграфіі Георгія Жукава з'яўляюцца міністэрскія пасады: спачатку ён быў першым намеснікам Міністра абароны СССР, затым сам узначаліў гэтае ведамства. З 1955-1958 года міністр абароны СССР. У 1974 годзе Жукаў пайшоў з жыцця. Урна з яго прахам пахавана ў Крамлёўскай сцяне.

вуліца Заслонава

Вуліца Заслонава бярэ пачатак ад набярэжнай Дняпроўскай флатыліі і зліваецца з плошчай Кірава. Знаходзіцца ў гістарычнай зоне горада. Раней называлася Паштовая. Названа ў гонар легендарнага Канстанціна Сяргеевіча Заслонава, які ў гады Вялікай Айчыннай вайны прадэманстраваў яркі прыклад самаахвярнага служэння Радзіме.

К.С. Заслонаў нарадзіўся 25 снежня 1909 года ў горадзе Асташкава, былой Цвярской губерні, у сям'і паравознага машыніста. У 1930 годзе скончыў прафесійна-тэхнічную школу ў Вялікіх Луках. Працаваў у дэпо станцыі Віцебск, з 1937 года – начальнік паравознага дэпо станцыі Рослаўль, з 1939 года -  станцыі Орша.

У пачатку вайны пры падыходзе нямецкіх войскаў да Оршы эвакуіраваўся ў Маскву і працаваў у дэпо. У кастрычніку 1941 года па ўласнай просьбе быў адпраўлены ў тыл ворага ў складзе групы чыгуначнікаў. Партызанскі псеўданім – “дзядзька Косця”. Стварыў падпольную групу, удзельнікі якой шляхам прымянення «вугальных мін» за тры месяцы падарвалі 93 нямецкіх паравоза. У сакавіку 1942 года К.Заслонаў з групай пакінуў Оршу і арганізаваў партызанскі атрад, які правёў шэраг паспяховых баявых рэйдаў у раёне Віцебск – Орша – Смаленск, знішчыўшы вялікую колькасць варожых салдат.

Загінуў К.С. Заслонаў 14 лістапада 1942 года ў баі з карнікамі ў вёсцы Купаваць Сенненскага раёна. Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена пасмяротна 7 сакавіка 1943 года. Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна і медалём.

вуліца Калініна

Над мемарыяльнымі плітамі ўзвышаюцца 2 помнікі, устаноўленыя ў памяць аб подзвігах 2-х герояў Савецкага Саюза, якія загінулі падчас аперацыі па вызваленні Пінска 12-14 ліпеня 1944 года.

Адзін з іх, гвардыі маёр Калінін Ціхан Ігнатавіч - легендарны камандзір 62-га гвардзейскага асобнага знішчальна-супрацьтанкавага дывізіёна 55-й гвардзейскай стралковай дывізіі (Іркуцка-Пінскай). Да моманту здзяйснення подзвігу пад Пінскам артылерыст быў ужо чатыры разы ардэнаносцам.

13 ліпеня 1944 г. у пераломны момант бітвы за Пінск гвардыі маёр

Калінін па ледзь збудаваным мосце і на плытах пераправіўся на заходні бераг ракі Ясельда. З ходу артылерысты адкрылі агонь па варожых войсках, прымусіўшы перагрупавацца гітлераўцаў. На падаўленне гармат былі кінуты 5 нямецкіх танкаў і самаходак, але бясстрашныя артылерысты ўдарылі па ім прыцэльным агнём. Адзін танк быў падбіты Калініным, які замяніў выведзенага са строю наводчыка, аднак па зброі адважнага камандзіра адразу ж адкрыла агонь бронетэхніка суперніка. Ад прамога пападання варожага снарада супраць танкавая гармата разляцелася на часткі. Ціхану Ігнатавічу адарвала абедзве нагі. Смяротна паранены камандзір натхняў сваіх байцоў, і тыя, не губляючы прысутнасці духу, знішчылі яшчэ 3 адзінкі бронетэхнікі ворага, прымусіўшы апошнюю самаходку адступіць. Так славуты камандзір, чатыры разы ардэнаносец гвардыі маёр Калінін Ціхан Ігнатавіч загінуў смерцю храбрых пры фарсіраванні Ясельды і быў пахаваны ў Пінску.

вуліца Канарэева

Канарэеў Уладзімір Рыгоравіч, герой Савецкага Саюза, удзельнік вызвалення Пінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Вуліца называлася Слабадской, апошняя назва - Партовая. У гады акупацыі яна была разбурана. У маі 1975 года вуліца стала называцца імем У.Канарэева.

Уладзімір Рыгоравіч нарадзіўся ў 1915 годзе ў сям'і рабочага, у Запарожжы. З 14 гадоў пачаў працоўную дзейнасць: быў вучнем, затым ліцейшчыкам. У рады Дняпроўскай ваеннай флатыліі ўліўся ўжо бывалым воінам. Да гэтага часу ўдзельнічаў у многіх сутычках з ворагам. Шэсць чалавек з сям'і Канарэевых загубілі фашысты. Ён пакляўся да апошняй кроплі крыві знішчаць гітлераўцаў.

На беларускай зямлі У. Г. Канарэеў удзельнічаў у пяці буйных дэсантных аперацыях. У баях за гарады Петрыкаў і Пінск узначаленая старшыной 2 ст. Уладзімірам Канарэевым група дэсантнікаў знішчыла сем дзотаў, некалькі кулямётных кропак і значную колькасць гітлераўцаў, вызваліла дзвесце палонных чырвонаармейцаў. Разам з іншымі часткамі адбіла дваццаць сем контратак непрыяцеля.

У пасляваенныя гады У. Г. Канарэеў працягваў службу, вёў вялікую працу па падрыхтоўцы флоцкіх спецыялістаў. Узнагароджаны ордэнам Леніна, ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі.

Памёр 26 лістапада 1973 года.

вуліца Карасёва

Карасёў Рыгор Сцяпанавіч нарадзіўся ў в.Хорастава Мінскай вобласці. Актыўны ўдзельнік Грамадзянскай вайны і партызанскага руху на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 1923-1925 гг.

У чэрвені 1941 года Р.С. Карасёў уступіў у партызанскі атрад В. З. Каржа і прымаў удзел у першым баі 28 ліпеня 1941 г. З сакавіка 1943 года - камісар атрада ім. Варашылава, з красавіка 1944 г. - камісар партызанскай брыгады ім. С.М. Будзёнага Пінскага партызанскага злучэння.

Пасля заканчэння вайны працаваў сакратаром Пінскага райкама КПБ, намеснікам старшыні Пінскага гарсавета, на розных гаспадарчых пасадах. Узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі.

Званне "Ганаровы грамадзянін горада Пінска" прысвоена ў 1975 годзе за актыўны ўдзел у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў складзе Пінскага партызанскага злучэння і аднаўленні горада Пінска, разбуранага ў гады вайны, за вялікую працу па ваенна-патрыятычнаму выхаванню моладзі.

вуліца Кляшчова

Вуліца носіць імя аднаго з яркіх прадстаўнікоў партызанскага руху Аляксея Яфімавіча Кляшчова.

Нарадзіўся ён у беднай сялянскай сям'і 25 лютага 1905 г.у вёсцы Міхнавічы цяпер Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці. У юнацкія гады вучыўся ў Чыгуначным вучылішчы. Свой працоўны шлях пачаў сакратаром, а затым старшынёй сельсавета.

Калі гітлераўская Германія вераломна напала на СССР, Аляксей Яфімавіч застаўся на акупаванай тэрыторыі для кіраўніцтва падпольнай партыйнай працай і арганізацыі партызанскага руху. А.Кляшчоў надаваў асаблівае значэнне выхаванню байцоў і камандзіраў партызанскіх атрадаў, прымаў непасрэдны ўдзел у распрацоўцы і ажыццяўленні ўсіх буйных баявых аперацый. Пінскае злучэнне нанесла шэраг магутных удараў па камунікацыях акупантаў. Толькі з мая па лістапад 1943 г. было пушана пад адхон 109 воінскіх эшалонаў праціўніка, разгромлена 10 варожых гарнізонаў у Любешове, Лахве, Мікашэвічах, Луніне, узарвана 38 мастоў у вёсцы Міхнавічы Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці.

Неўзабаве разгарнуліся баі і на подступах да Пінска. 14 ліпеня 1944 г. горад быў цалкам вызвалены ад фашысцкіх акупантаў, а 18 ліпеня тысячы пінскіх партызан разам з часцямі Чырвонай Арміі і падраздзяленнямі Дняпроўскай флатыліі ўрачыста праходзілі міма трыбуны на плошчы Леніна ў Пінску, дэманструючы сваю гатоўнасць змагацца да поўнай перамогі над фашызмам.

За ўмелае кіраўніцтва партызанскім злучэннем і праяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм генерал-маёру Кляшчову Аляксею Яфімавічу прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка». Імя А.Я Кляшчова прысвоена гідрамеліярацыйнаму тэхнікуму ў горадзе Пінску (цяпер Пінскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж).

вуліца Корбута

Вуліца носіць імя Героя Савецкага Саюза Пятра Корбута. Размешчана ў заходняй частцы горада, упіраецца ў адну з цэнтральных магістраляў – вул.Брэсцкую.

Пётр Юльянавіч Корбут нарадзіўся ў 1908 годзе у сям'і столяра чыгуначных майстэрняў. Падчас Першай сусветнай вайны сям'я пераязджае на станцыю Калінкавічы. Пасля смерці бацькі 11-гадовы Пеця пачаў працоўную дзейнасць. Вучань слесара, токар, нарміроўшчык, студэнт машынабудаўнічага інстытута - вось асноўныя вехі яго біяграфіі. Пётр сыходзіць у Чырвоную Армію і паступае ў Арлоўскае танкавае вучылішча. Менавіта ў войску ён знаходзіць прызванне. У 1936 годзе за выдатныя поспехі ў баявой і палітычнай падрыхтоўцы падраздзялення ст.лейтэнант Корбут быў узнагароджаны ордэнам Леніна.

Вялікая Айчынная вайна заспела Пятра Юльянавіча ў сценах Ваеннай акадэміі. Але самай лепшай акадэміяй лічыў Корбут барацьбу з ворагам. Калі фашысты падышлі да Масквы, ён адправіўся на Заходні фронт начальнікам штаба танкавай брыгады. Баі пад Масквой, затым Бітва пад Сталінградам. У 1944 годзе савецкія войскі прыступілі да штурму Нікапальскіх умацаванняў гітлераўцаў на левым беразе Дняпра. Гвардыі палкоўнік Корбут асабіста правёў 37-ю гвардзейскую танкавую брыгаду на штурм нямецкай абароны. У гэтай аперацыі брыгада нанесла значны ўрон праціўніку. Але танк Корбута быў падпалены, і камбрыг загінуў. Пасмяротна яму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

вуліца Каржа

Васіль Захаравіч Корж пражыў яркае, насычанае падзеямі жыццё.

Нарадзіўся 1 студзеня 1899 года ў вёсцы Хорастава Салігорскага раёна. У перыяд Грамадзянскай вайны змагаўся на франтах супраць замежных інтэрвентаў. У 1921-1925 гг. удзельнічаў у партызанскай барацьбе супраць рэжыму буржуазна-памешчыцкай Польшчы. У 1936-1937 гг. у складзе інтэрнацыянальнай брыгады ваяваў у Іспаніі на баку рэспубліканцаў. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ўваходзіў у склад Пінскага абкама Кампартыі.

У першы дзень вайны, 22 чэрвеня 1941 года, Васіль Захаравіч прапанаваў рыхтавацца да вядзення партызанскай барацьбы. Створаны з мясцовага актыву знішчальны атрад першыя баі прыняў 28 чэрвеня і 4 ліпеня. Так пачыналася гісторыя буйнога партызанскага злучэння пад камандаваннем В. 3. Каржа. За ўзорнае выкананне ўрадавых заданняў у барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у тыле ворага і праяўленыя пры гэтым мужнасць, адвагу, гераізм, а таксама за асаблівыя заслугі ў развіцці партызанскага руху ў Беларусі Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 15 жніўня 1944 г. Васілю Захаравічу Каржу было прысвоена званне героя Савецкага Саюза.

Па вуліцы Заслонава, 8 устаноўлены мемарыяльная дошка і партрэт В.Каржа. Імя “генерала палёў і пушчаў” носіць адна з вуліц горада і гімназія № 3 г.Пінска. У гімназіі створаны музей В.3. Каржа.

вуліца Зоі Касмадзям'янскай

Былая Факельная, затым Ганчарская вуліца, даўжынёй 1148 метраў. Названа імем Зоі Касмадзям'янскай адразу пасля вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Вечныя крокі на Савецкай зямлі пакінула Зоя Касмадзям'янская. Аб смеласці Зоі напісаны паэмы, складзены песні. Яе імя стала сінонімам такіх слоў, як стойкасць і патрыятызм. 27 студзеня 1942 года ў газеце “Праўда” быў апублікаваны нарыс “Таня”. Напісаў яго ваенны карэспандэнт Пётр Лідаў. Ён паведаміў свету пра тое, што ў вёсцы Петрышчава ў канцы лістапада 1941 года пры выкананні баявога задання была схоплена фашыстамі юная партызанка пад імем Таня. Нягледзячы на жахлівыя катаванні і здзекі катаў, яна не выдала таварышаў, не адкрыла свайго сапраўднага імя. 29 лістапада гітлераўцы пакаралі яе смерцю.

Тады стаяў страшны холад. Снег сухі, калючы рыпеў пад нагамі. Басанож, у адной кашулі фашысты гналі па снезе Таню. Калі на галаву юнай партызанкі накінулі пятлю, яна крыкнула людзям, каб тыя білі ворагаў. Сапраўднае імя дзяўчыны-партызанкі ўсталявалі пазней. Гэта была Зоя Анатольеўна Касмадзям'янская, якая нарадзілася 13 верасня 1923 года ў сяле Асінавыя Гаі Тамбоўскай вобласці. Выхоўвалася ў сям'і служачага. У камсамол ўступіла ў 1938 годзе. Вучылася ў сярэдняй школе №201 г. Масквы. У кастрычніку 1941 года, будучы вучаніцай 10 класа, сышла ў партызанскі атрад. 16 лютага 1942 года Зоі Касмадзям'янскай пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

вуліца Алега Кашавога

Алег Васільевіч Кашавы нарадзіўся 8 чэрвеня 1926 года ў горадзе Прылукі Чарнігаўскай вобласці на Украіне. У 1940 годзе сям'я пераехала ў Краснадон. Многія таварышы-падпольшчыкі былі аднакашнікамі Кашавога. Алег быў вельмі правільным камсамольцам, прыроджаным лідэрам. І пры гэтым натурай артыстычнай. Пісаў вершы, любіў танцаваць. З пачатку вайны ўдзельнічаў ва ўсіх кампаніях дапамогі фронту. Калі Краснадон занялі немцы, Кашавы не паспеў эвакуявацца. Увогуле атрады гарадскіх партызан такога юнага ўзросту на акупаванай тэрыторыі ваенныя і чэкісты не стваралі. "Маладая гвардыя", узначаленая Алегам Кашавым, паўстала па яго ініцыятыве ў жніўні 1942-га. Камсамольцы наладзілі сувязь з дарослым падполлем. Але ўсё ж такі не вельмі трывалую. Таму і пратрымаліся нядоўга. Маладагвардзейцы распаўсюджвалі лістоўкі, падпальвалі хлеб, прызначаны для адпраўкі ў Германію, шкодзілі варожым аўтамабілям.

Ужо ў пачатку студзеня 1943 года пачаліся арышты падпольшчыкаў. Кашавы з невялікай групай спрабаваў перайсці лінію фронту, але няўдала. Пры арышце ў яго былі знойдзены ўсе кампраметуючыя дакументы падпольнай арганізацыі. Пасля катаванняў Кашавога расстралялі ў горадзе Ровенькі 9 лютага 1943 года. Было яму ўсяго 16 гадоў.

вуліца Кулікава

Кулікаў Аляксей Цімафеевіч - удзельнік вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, Герой Савецкага Саюза.

А.Кулікаў нарадзіўся ў с. Горная Пралейка Балашоўскага р-на Саратаўскай вобласці. Член ВЛКСМ. З 1931 года жыў у Сталінградзе. Працаваў токарам на заводзе. На фронце з 1942 г. Удзельнічаў у баях за вызваленне Украіны і Беларусі. Разведчык, радавы А.Т. Кулікаў асабліва вызначыўся 22.09.1943 г. пры фарсіраванні Дняпра. Адным з першых пераправіўся праз раку і замацаваўся на яе правым беразе. З групай разведчыкаў знішчыў танк, які абстрэльваў пераправу, 7 агнявых кропак праціўніка, узяў у палон 8 фашыстаў. У другім баі знішчыў разлік кулямёта і 9 гітлераўцаў; выведаў сістэму абароны праціўніка і даставіў савецкаму камандаванню. Пасля стаў матросам, камендорам бронекатэра № 92 Дняпроўскай ваеннай флатыліі.

23 кастрычніка 1943 года загінуў у баі пры вызваленні Пінска. Пахаваны ў Пінску побач з мемарыяльным комплексам вызваліцелям у Цэнтральным парку культуры і адпачынку ім. Дняпроўскай флатыліі, на магіле пастаўлены абеліск. Пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені.

вуліца Кунькова

У 1986 годзе імем Ф.С. Кунькова была названа адна з вуліц у раёне Крайнавічы.

Фёдар Сямёнавіч Кунькоў (1900-1969) - адзін з кіраўнікоў партызанскага руху і партыйнага падполля на тэрыторыі Пінскай вобласці ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Нарадзіўся ў вёсцы Сухое Іванаўскага раёна. У юнацтве прасякнуўся ідэямі Кастрычніцкай рэвалюцыі. Уступіў у Чырвоную армію, служыў у 1-й Маскоўскай Пралетарскай дывізіі. З 1922 года Фёдар Сямёнавіч жыў у Калінкавічах, затым у Мінску. Пасля ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР Ф.С. Кунькоў быў назначаны загадчыкам Пінскага абласнога ўпраўлення паліўнай прамысловасці. Калі пачалася вайна, адным з першых уступіў у знішчальны атрад В. 3. Каржа. Удзельнік абарончых баёў 28 чэрвеня і 4 ліпеня пад Пінскам. У партызанскім атрадзе стаў намеснікам камандзіра, упаўнаважаным Пінскага падпольнага абкама Камуністычнай партыі. З пачатку 1943 года-сакратар Іванаўскага падпольнага райкама КП(б)Б і адначасова камісар партызанскай брыгады імя В.М. Молатава, узначальваў міжраённы штаб па каардынацыі дзеянняў сіл народных мсціўцаў.

вуліца Матросава

На Калінінскім фронце савецкі салдат Аляксандр Матросаў здзейсніў подзвіг, роўнага якому не ведала да гэтага гісторыя. Ён загінуў 23 лютага 1943 года, зачыніўшы сваім целам амбразуру дзота, забяспечыўшы поспех наступлення роты.

Аляксандр навечна залічаны ў спісы 1-ай роты 254-га палка, які носіць імя Аляксандра Матросава. Удастоены звання Героя Савецкага Саюза. Яму не было і дзевятнаццаці гадоў.

Сёння вядомы імёны 284 байцоў і камандзіраў, партызан, якія паўтарылі подзвіг Аляксандра Матросава. Дзесяць з іх-ураджэнцы Беларусі. 18 сыноў розных народаў нашай Айчыны здзейснілі яго на беларускай зямлі.

Гэтай вуліцы не было на плане горада да 1952 года. Забудова гэтага раёна пачалася ў 1949-1950 гадах. Воіны і партызаны, якія вярталіся з вайны, будаваліся і прапанавалі назваць новыя вуліцы імёнамі герояў Вялікай Айчыннай вайны.

вуліца Малчанава

Вуліца Ціхая рашэннем выканаўчага камітэта Пінскага гарадскога савета дэпутатаў працоўных ад 7 кастрычніка 1977 г. была перайменавана ў вуліцу Малчанава.

Малчанаў Георгій Андрэевіч нарадзіўся ў 1915 годзе ў г. Яраслаўлі. Адукацыя вышэйшая. Член ВКП (б) з 1940 года. У рады Чырвонай Арміі ўліўся ў чэрвені 1941 года. У першы бой з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ўступіў 3 красавіка 1942 года. У перыяд ажыццяўлення аперацыі “Баграціён” быў камандзірам 1323-га стралковага палка 415 стралковай дывізіі 61 арміі ў званні маёра. Полк вызваліў мноства населеных пунктаў на Палессі. У ліпені 1944 года падраздзяленне маёра Малчанава стала ключавым удзельнікам вызвалення горада Пінска. За паспяховае камандаванне палком падчас вызвалення Пінска Малчанаў Г. А. узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.

Перамогу сустрэў на Балтыцы. Пасля звальнення ў запас жыў у Маскве. Памёр у 1959 годзе.

вуліца Насырава

Былая Замкавая вуліца, бярэ пачатак ад ракі Піны ў раёне гарадскога Парку культуры і адпачынку. Перайменавана ў гонар аднаго з вызваліцеляў горада – гвардыі старшыны Насырава, камандзіра баявога разліку артылерыйскай башні бронекатэра № 92.

Выхаванец Чарнаморскага флоту, актыўны абаронца трох гарадоў-герояў: Адэсы, Севастопаля і Сталінграда, камуніст Набіюла Насыбулінавіч Насыраў нарадзіўся ў 1925 годзе ў вёсцы Верхнія Мілюкі Сасноўскага раёна Чэлябінскай вобласці. Рана пачаў працаваць, да вайны быў у калгасе трактарыстам.

Прызваны ў рады Ваенна-Марскога флоту ў маі 1940 года. Быў майстрам сваёй спецыяльнасці. У баі на Дняпры за кароткі тэрмін ён знішчыў дзве мінамётныя батарэі, зямлянку з салдатамі праціўніка і рассеяў да 5 узводаў фашысцкай пяхоты.

Н.Насыраў-актыўны ўдзельнік бітваў на беларускай зямлі. Экіпаж бронекатэра № 92, на якім служыў Насыраў, адважна змагаўся з ворагам. У момант высадкі дэсанту 12 ліпеня 1944 года паблізу катэра адзін за адным разрываліся фашысцкія снарады і міны. Неўзабаве ад прамога пападання снарада ўзнік пажар. Параненыя, абпаленыя гвардзейцы працягвалі весці агонь па ворагу. Смяротную рану атрымаў і Набіюла Насыраў. Вынесены на бераг баявымі сябрамі адважны марак памёр у іх на руках. Ён да канца выканаў свой воінскі абавязак перад Радзімай.

Пахаваны старшына Н. Насыраў у брацкай магіле ў гарадскім парку. Пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені.

вуліца Нямытава

Уладзімір Рыгоравіч Нямытаў - адзін з заснавальнікаў падпольна-патрыятычнага руху на Палессі. Імем героя названа вуліца ў Пінску.

Нарадзіўся Уладзімір Рыгоравіч у 1863 годзе ў Арлоўскай губерніі ў шматдзетнай сям'і. Да 1939 года У.Нямытаў працаваў на Пінскай запалкавай фабрыцы. Перадавы слесар быў у складзе Пінскага гарадскога савета, кандыдат у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР абраны ў вышэйшы орган Рэспублікі. У пачатку вайны У.Р. Нямытаў у тыле ворага разам з камсамольскімі работнікамі вобласці прыступіў да стварэння шырокай сеткі падпольных арганізацый, адначасова са жніўня 1942 года быў камандзірам узвода партызанскага атрада ім. С.Г. Лазо. Вяртаючыся з падпольнага сходу з таварышамі, наткнуўся на засаду гітлераўцаў. Загінуў у баі. Пасля гібелі

У.Р. Нямытава імя яго было прысвоена партызанскаму атраду.

Паплечнікі Нямытава пахавалі героя ў лесе каля возера пад вялікім дубам, на якім высеклі зорку. Дзякуючы гэтаму знаку, амаль праз пятнаццаць гадоў Андрэй Прыступа змог адшукаць магілу сябра, каб перапахаваць яго астанкі ў брацкую магілу ў вёсцы Малотковічы Пінскага раёна.

вуліца Новікава

Імя М.М. Новікава носіць пешаходная вуліца ў мікрараёне Лугі.

Нарадзіўся Мікалай Мікітавіч у Бранскай вобласці (1923-2000). З пачатку Вялікай Айчыннай вайны 18-гадовы Мікалай пайшоў у войска. Быў радавым салдатам, потым камандзірам узвода разведкі. Яго баявы шлях - Курская дуга, фарсіраванне Дняпра, Віслы, Одэра, Берлін. У 1943 годзе прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Пасля вайны пражываў у Пінску. Аўтар кнігі "Пяць крокаў жыцця"»

М.Новікаў узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Айчыннай вайны, ордэнамі Чырвонай Зоркі, Славы 3 ступені, медалямі.

Званне "Ганаровы грамадзянін горада Пінска" прысвоена ў 1974 годзе за гераізм і баявыя подзвігі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і актыўную працу па ваенна-патрыятычнаму выхаванню працоўных і моладзі горада.

вуліца Генерала Нордмана

Вуліца названа ў гонар героя Вялікай Айчыннай вайны, ганаровага грамадзяніна г. Пінска Нордмана Эдуарда Баляслававіча (1922-2006).

Нарадзіўся ў г. Рэчыца Гомельскай вобласці. Восенню 1939 года Нордман быў адпраўлены ў Заходнюю Беларусь на камсамольскую працу. У першыя дні вайны ўступіў у партызанскі атрад В.3.Каржа. Ваяваў у Брэсцкай, Пінскай, Палескай, Мінскай абласцях Беларусі, Валынскай і Ровенскай абласцях Украіны. Быў членам Пінскага падпольнага абкама ЛКСМБ, сакратаром падпольнага абкама і Пінскага гаркама камсамола. Узнагароджаны ордэнамі Кастрычніцкай рэвалюцыі, двума ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнамі Айчыннай вайны 1 ступені, шматлікімі медалямі. Урадам Польшчы ўзнагароджаны вышэйшым ваенным ордэнам - залатым крыжам «Virtuti militari».

Нордман працаваў у Пінску на розных адказных пасадах, затым у Расіі ў праваахоўных органах. Генерал-маёр КДБ.

Званне "Ганаровы грамадзянін г. Пінска" прысвоена ў 1980 годзе за актыўнае прыцягненне камсамольцаў і моладзі ў барацьбу з нямецкімі захопнікамі на тэрыторыі Пінскай вобласці, асабісты гераізм і вялікі ўклад у справу аднаўлення горада, разбуранага ў гады вайны.

вуліца Альхоўскіх

Вуліца размешчана ў раёне гарадскога Парку культуры. Раней мела назву Школьная. У гады Вялікай Айчыннай вайны апынулася ў цэнтры баёў за вызваленне горада Пінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Пётр і Алег Альхоўскія (бацька і сын) - маракі Дняпроўскай ваеннай флатыліі, загінулі 12 ліпеня 1944 года пры вызваленні горада Пінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На будынку № 22 устаноўлена мемарыяльная дошка героям-дняпроўцам.

Зараз у Цэнтральным ваенна-марскім музеі захоўваюцца Ордэны Айчыннай вайны I і II ступені, якімі былі ўзнагароджаны гвардыі старшы тэхнік лейтэнант Пётр Яфімавіч Альхоўскі і яго сын юнга Алег - член легендарнага экіпажа бронекатэра № 92. Да вайны Пётр Яфімавіч плаваў на судах гандлёвага флоту. Прымаў удзел у выратаванні дырыжабля “Італія", узнагароджаны граматай Усесаюзнага прафесійнага саюза работнікаў воднага транспарту. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, добраахвотна пайшоў у рады Ваенна-Марскога Флоту. Служыў на Волжскай ваеннай флатыліі. Вызначыўся пры штурме Бабруйска. Ленінградскі піянер Алег Альхоўскі нарадзіўся 8 ліпеня 1929 года. Вучыўся ў 288-й сярэдняй школе. Паспеў да вайны скончыць 4 класа. У 1943 годзе Алега залічылі ў школу юнг. Пасля заканчэння яе пачаў служыць у Дняпроўскай ваеннай флатыліі - на бронекатэры № 92. Увесь атрад любіў яго за кемнасць, сістэматычнае ўпартае папаўненне ведаў, чулыя адносіны да іншых, за баявое таварыства.

Баявому майстэрству Алег Альхоўскі вучыўся ў бывалага марака Набіюлы Насырава, Героя Савецкага Саюза Аляксея Кулікава. У кароткі тэрмін авалодаў тэхнікай, навучыўся трапна біць ворага. Вызначыўся ў баях пад Бабруйскам. У двухгадзіннай бітве ён знішчыў больш за сотню гітлераўцаў, варожую кулямётную кропку і баявы разлік супрацьтанкавай гарматы. Умела і мужна змагаўся Алег Альхоўскі за горад Пінск. Будучы ў складзе бронекатэра № 92, юны марак да самага апошняга моманту працягваў біць фашыстаў.

Пахаваны бацька і сын Альхоўскія ў брацкай магіле ў Парку культуры і адпачынку.

вуліца Панковай

Вуліца названа ў гонар Соф'і Сяргееўны Панковай (1902-1942), арганізатара Віцебскага патрыятычнага падполля ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Нарадзілася ў вёсцы Міхаліна Косаўскага павета, а цяпер Бераставіцкага раёна. У пачатку Першай сусветнай вайны сям'я Панковых разам з патокам бежанцаў апынулася ў Маскве. З пятнаццаці гадоў Соф'я стала працаваць на заводзе, у 1919 годзе ўступіла ў Камуністычную партыю. Скончыла Маскоўскі педагагічны інстытут.

Восенню 1928 года С. Панкова прыехала ў Пінск для аднаўлення дзейнасці рэгіянальнага камітэта партыі. Да ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР двойчы падвяргалася турэмнаму зняволенню. З пачаткам вайны Соф'я Сяргееўна эвакуіравалася з Беластока на Урал.

Улетку 1942 года па просьбе паплечніцы па працы Веры Харужай Цэнтральны Камітэт Кампартыі Беларусі адазваў С.Панкову ў Маскву для падрыхтоўкі да адпраўкі ў варожы тыл. Пасля гэтага С.Панкова разам з В.Харужай атрымала заданне застацца ў падполлі ў Віцебску. Некалькі месяцаў працягвалася барацьба жанчын супраць фашысцкіх акупантаў.

Соф'я Панкова і Вера Харужая былі арыштаваны ў лістападзе 1942 года, замучаны ў засценках гестапа і расстраляны.

вуліца Пучкова

Вуліца носіць імя ваеннага лётчыка, Героя Савецкага Саюза Германа Іванавіча Пучкова (1923-1981). Яго радзіма - горад Славянск Данецкай вобласці. Атрымаўшы сярэднюю адукацыю, у 1940 годзе Г.І. Пучкоў быў прызваны ў Чырвоную Армію. Скончыў Варашылаўградскую ваенна-авіяцыйную школу пілотаў. У дзеючай арміі са жніўня 1942-га. Ваяваў на Паўночна-Заходнім, 2-ым Прыбалтыйскім, 2-ім і 1-ым Беларускіх франтах. Камандзір звяна 70-га гвардзейскага штурмавога авіяпалка ўдзельнічаў у Люблінска-Брэсцкай, а затым Варшаўска-Познанскай і Усходне-Памеранскай аперацыях. Выведваў, бамбіў і наносіў штурмавыя ўдары па абароне праціўніка на Заходнім беразе ракі Одэр і на падступах да Берліна.

Да канца вайны здзейсніў 102 баявыя вылеты. На рахунку адважнага лётчыка дзясяткі адзінак знішчанай артылерыйскай і транспартнай тэхнікі праціўніка, 12 самалётаў, тры з якіх збіў у паветраных паядынках.

Узнагароджаны трыма ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнамі Айчыннай вайны 1-й ступені і Чырвонай Зоркі, медалямі.

вуліца Ракасоўскага

Вуліца Ракасоўскага размешчана ў паўночна - ўсходняй частцы горада. Названа ў гонар ваеннага дзеяча, палкаводца, Маршала Савецкага Саюза Канстанціна Канстанцінавіча Ракасоўскага. Нарадзіўся ён у 1896 годзе ў горадзе Вялікія Лукі ў сям'і чыгуначнага машыніста. Вышэйшую ваенную адукацыю атрымаў у Ваеннай акадэміі імя М.Ф. Фрунзе. У перыяд Вялікай Айчыннай вайны камандаваў корпусам, арміяй, войскамі Бранскага, Данскога. Цэнтральнага, Беларускага франтоў, а таксама войскамі 1-га і 2-га Беларускіх франтоў. У ходзе аперацыі "Баграціён" пад яго кіраўніцтвам была вызвалена тэрыторыя Беларусі, у тым ліку і горад Пінск.

29 чэрвеня 1944 года генералу арміі К. К. Ракасоўскаму была ўручана Брыльянтавая зорка Маршала Савецкага Саюза, а 30 ліпеня – першая Зорка Героя Савецкага Саюза. Да 11 ліпеня была ўзята ў палон 105-тысячная групіроўка праціўніка. Калі на Захадзе засумняваліся ў колькасці палонных у ходзе аперацыі «Баграціён», то І. Сталін загадаў правесці іх па вуліцах Масквы. З гэтага моманту І. В. Сталін стаў называць К.К. Ракасоўскага па імені імя па бацьку.

24 чэрвеня 1945 года камандаваў парадам Перамогі ў Маскве.

вуліца Фядотава

Вуліца знаходзіцца ў Паўночным мікрараёне горада. Размешчана недалёка ад Запольскага лесу, дзе 4 ліпеня 1941 года адбыўся бой партызанскага атрада В. 3. Каржа з фашыстамі. Гэты атрад стаў Пінскім партызанскім злучэннем, начальнікам штаба якога быў М.С. Фядотаў.

Мікалай Сцяпанавіч Фядотаў нарадзіўся ў 1910 годзе ў Наўгародскай вобласці. У 1932 годзе прызваны ў Чырвоную Армію. Скончыў Маскоўскую ваенна-інжынерную акадэмію імя Куйбышава. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны арганізаваў партызанскую групу, якая вырасла ў атрад імя Чапаева. З 1943 года-начальнік штаба Пінскага партызанскага злучэння. Пасля заканчэння вайны працаваў на партыйнай, савецкай і гаспадарчай рабоце ў горадзе Пінску і Брэсцкай вобласці.

Узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны 1 ступені, "Знак Пашаны", шматлікімі медалямі.

Званне "Ганаровы грамадзянін г. Пінска" прысвоена ў 1974 годзе за баявыя подзвігі і гераізм, праяўленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, і актыўны ўдзел у выкананні народнагаспадарчых задач у пасляваенны перыяд.

Памёр 3 снежня 1974 года ў Брэсце.

вуліца Хадановіча

Вуліца названа ў гонар поўнага кавалера ордэна Славы Хадановіча Льва Сяргеевіча (1923-2007).

Усходні паляшук, ураджэнец вёскі Струмень Кармянскага раёна, на фронце апынуўся ў верасні 1941 года. Пад Арлом стралковы полк, у якім служыў Хадановіч, трапіў у акружэнне, і прабіцца да сваіх не ўдалося. Леў Сяргеевіч з таварышамі партызаніў у бранскіх лясах. У 1944 годзе партызанская брыгада сустрэлася з часцямі Чырвонай Арміі. Хадановіч працягваў службу ва ўзводзе разведкі 718-га стралковага палка 139-й дывізіі 49-й арміі 2-га Беларускага фронту. Пры вызваленні Беларусі і ў баях на тэрыторыі Польшчы неаднаразова праяўляў адвагу і мужнасць, здабываючы каштоўныя звесткі аб дыслакацыі войскаў праціўніка і наносячы яму страты ў жывой сіле, за што быў узнагароджаны ордэнамі Славы ўсіх ступеняў, другім ордэнам Чырвонай Зоркі, медалём "За адвагу».

Пасля дэмабілізацыі Леў Сяргеевіч паступіў у Гомельскі рачны тэхнікум. Адвучыўшыся, працаваў старшым дыспетчарам Днепра-Бугскага тэхучастка ў Пінску. Яшчэ адзін ордэн ён атрымаў у 1999 годзе. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі былы франтавік і ветэран працы быў узнагароджаны ордэнам «За службу Радзіме».

вуліца Веры Харужай

Вера Захараўна Харужая (1903-1942) -  Герой Савецкага Саюза, дзеяч рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, жыццё і барацьба якога была звязана з Пінскам. Яе імя носіць адна з вуліц горада, на якой у 1973 г. быў усталяваны помнік В. З. Харужай.

Нарадзілася Вера Захараўна 27 верасня 1903 года ў горадзе Пружаны Брэсцкай вобласці. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны да дня гібелі Харужая змагалася ў партызанскім атрадзе, якім камандаваў стары рэвалюцыянер Васіль Корж. У 1942 годзе Харужая на чале групы падпольных работнікаў была перакінута праз лінію фронту ў горад Віцебск. Яе група правяла шмат дыверсій на чыгунцы, заводах, збірала выведвальныя звесткі для камандавання савецкіх войскаў. Фашысты прымалі ўсе меры да злову падпольшчыкаў. 18 лістапада 1942 года гітлераўцы напалі на след групы, Вера Харужая разам са сваімі баявымі таварышамі была схоплена і пакарана смерцю.

Званне Героя Савецкага Саюза Веры Захараўне Харужай прысвоена пасмяротна 17 мая 1960 года.

вуліца Лізы Чайкінай

Ціхая і ўтульная вулачка, працягласцю каля 500 метраў, бярэ пачатак ад вуліцы Гайдаенкі і выходзіць да вуліцы Мірнай.

Вуліца Лізы Чайкінай носіць імя адважнай партызанкі, Героя Савецкага Саюза Лізаветы Іванаўны Чайкінай.

У густых лясах Пяноўскага раёна Калінінскай вобласці згубілася маленькая вёсачка Руна. Тут і нарадзілася ў 1918 годзе Ліза Чайкіна. У 1933 годзе яна ўступіла ў рады ВЛКСМ. Калгас, камсамол, ячэйка былі першымі клопатамі Лізы і гэтым вызначылася яе жыццё. З 1939 сакратар Пенаўскага райкама ВЛКСМ. У перыяд нямецка-фашысцкай акупацыі - сакратар падпольнага Пенаўскага райкама ВЛКСМ і адзін з арганізатараў партызанскага атрада, у складзе якога сама ўдзельнічала ў баявых аперацыях.

22 лістапада Ліза правяла сход у паселішчы Жукаўка і адправілася адсюль на хутар Чырвонае Пакацішча да сваёй сяброўкі Марусі Купоравай. Па даносе здрадніка была схоплена фашыстамі. Падчас катаванняў ворагі дамагаліся ад яе звестак пра партызанскі атрад, але ў адказ пачулі: “Смерць вам, праклятыя!”. Перад пакараннем смерцю заявіла: “Страляйце, Каты! Я гіну за перамогу, за нашу Радзіму”. Праз некалькі дзён партызанам атрада ўдалося вынесці цела адважнай патрыёткі і пахаваць.

вуліца Чарняхоўскага

Іван Данілавіч Чарняхоўскі - военачальнік, палкаводзец, генерал арміі, удзельнік вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, двойчы Герой Савецкага Саюза.

Нарадзіўся Іван Данілавіч у 1906 годзе на Украіне. З Адэскай пяхотнай школы пачынаецца яго вялікі і слаўны шлях ваеннага ад курсанта да камандуючага флотам. Пазней бліскуча скончыў Ваенную акадэмію механізацыі і матарызацыі РККА.

Пачатак вайны сустрэў у званні палкоўніка камандзірам танкавай дывізіі. З першых дзён бітвы ён на асаблівым рахунку ў фашыстаў. За асабістую адвагу яны называлі яго “Чапаевым у танку”. Вясной 1942 года яму было прысвоена званне генерал-маёра танкавых войскаў. Праз некалькі месяцаў - камандуючы 60-й арміяй. За фарсіраванне Дняпра стаў Героем Савецкага Саюза. Вясной 1944 года Чарняхоўскі камандуе 3-м Беларускім фронтам. За высокае палкаводчае майстэрства, асабістую адвагу і мужнасць, праяўленыя ў Беларускай аперацыі, быў узнагароджаны другой Залатой Зоркай Героя.

Чарняхоўскі загінуў, калі яму было ўсяго 38 гадоў. Пахаваны ў Вільнюсе.

вуліца Івана Чуклая

Гэтая вуліца перасякае Заходнюю частку горада з поўдня на поўнач. Раней яна называлася Вадаправоднай.

Чуклай Іван Іванавіч нарадзіўся ў 1920 годзе ў вёсцы Прудзіны Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці. Бацька памёр, калі яму было 10 гадоў. З дзіцячых гадоў пачаў працаваць. У 1940 годзе Іван прыехаў у горад Пінск да сястры Марыі, якая пражывала па вуліцы вадаправоднай № 51/1. Вучыўся ў 1-й сярэдняй школе (цяпер школа №2), быў старшым піянерважатым. Марыў паступіць у медыцынскі інстытут, але гэтаму жаданню не наканавана было спраўдзіцца.

Калі пачалася вайна, Іван адразу ўступіў у партызанскі атрад В. 3. Каржа. Свой першы подзвіг Іван Іванавіч здзейсніў 28 чэрвеня 1941 года. У разгар бою ён ускочыў на падбіты варожы танк, забіў кіроўцу, прыстрэліў другога гітлераўца і захапіў кулямёт праціўніка. 4 ліпеня ён вынес з поля бою свайго параненага камандзіра Сяргея Карнілава-мужа легендарнай гераіні Веры Харужай. Камандаванне атрада высока ацаніла мужнасць свайго камсорга, а пазней – члена падпольнага абкама камсамола. Іван адважна помсціў ворагам за смерць ні ў чым не вінаватых людзей. З групай баявых сяброў ён пускаў пад адхон непрыяцельскія бронецягнікі, эшалоны, знішчаў жывую сілу, падрываў чыгуначнае палатно.

Апошні свой гераічны подзвіг Іван здзейсніў у пачатку верасня 1942 года ў Старобінскім раёне. Вяртаючыся з баявога задання, група народных мсціўцаў трапіла ў акружэнне. Бой быў кароткім, але жорсткім. Тут яго і напаткала куля гітлераўца. Пасля гібелі І. І. Чуклая яго імя было прысвоена партызанскаму атраду.

Пахаваны ў Пінску ў брацкай магіле. Пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Леніна. Пра яго подзвігі партызаны склалі “Песню пра Івана Чуклая". Помнік Івану Іванавічу Чуклаю быў усталяваны ў скверы па вул. Заслонава ў г.Пінску ў 1984 годзе ў памяць аб баявых заслугах маладога партызана. Помнік стаў месцам вайсковай славы пры правядзенні афіцыйных цырымоній, звязаных са святкаваннем Дня Незалежнасці, Дня Перамогі, дня вызвалення Пінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

вуліца Шыла

Міхаіл Давыдавіч Шыла (1920-1998) - удзельнік вызвалення Беларусі, Прыбалтыкі, Польшчы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, баёў у Германіі. За адпор контратакі праціўніка і падтрымку надыходзячай пяхоты камандзір кулямётнага разліку Міхаіл Шыла быў удастоены залатой Зоркі Героя Савецкага Саюза.

Да вайны ўраджэнец вёскі Оўзічы Іванаўскага раёна працаваў на гідравузле і торфапрадпрыемстве, уступіў у камсамол. З пачатку акупацыі ўвайшоў у склад падпольнай камсамольскай арганізацыі. У далейшым ваяваў у атрадзе імя Лазо Пінскага партызанскага злучэння. Калі Палеская зямля была вызвалена ад захопнікаў, народныя мсціўцы ўліліся ў рады наступаючай Чырвонай Арміі. М. Шыла стаў кулямётчыкам 447-га палка 397-й Сарненскай стралковай дывізіі.

У баях на подступах да Пінска загінуў бясстрашны кулямётчык Васіль Дзедух. Камандзір батальёна Сцяпан Арцёменка ўручыў Міхаілу зброю аднапалчаніна са словамі: «Бі ворага так, як гэта рабіў Васіль". І паляшук змагаўся адважна. Да пачатку пераможнага 1945 года М. Д. Шыла быў узнагароджаны ордэнамі Славы III ступені і Чырвонай зоркі, а ў лютым яму прысвоілі званне Героя Савецкага Саюза.

У 1946 годзе Міхаіл Давыдавіч вярнуўся да мірнай працы. Доўгі час, да сыходу на пенсію, працаваў у аддзеле сацыяльнага забеспячэння Іванаўскага, а затым і Пінскага райвыканкамаў.

вуліца Шубіцідзэ

Іван Георгіевіч Шубіцідзэ - ганаровагы грамадзянін горада Пінска, былы камандзір Пінскай партызанскай брыгады.

Нарадзіўся Іван Георгіевіч у Грузіі. З 1920 года ваяваў у Чырвонай Арміі. Вялікую Айчынную вайну сустрэў на пасадзе начальніка артылерыі 457-га стралковага палка 127-й дывізіі. Быў паранены ў баях пад Смаленскам, трапіў у палон. Пасля ўцёкаў з палону ў верасні 1941 года стаў адным з арганізатараў партызанскага руху на Піншчыне. Са жніўня 1943 камандзір Пінскай партызанскай брыгады. Узнагароджаны ордэнамі і медалямі.

Званне "Ганаровы грамадзянін г. Пінска" прысвоена ў 1974 годзе за арганізацыю масавага партызанскага руху на тэрыторыі Пінскай вобласці ў гады Вялікай Айчыннай вайны і за вялікі ўклад у справу аднаўлення разбуранай нямецка-фашысцкімі захопнікамі народнай гаспадаркі горада.